У перакладзе з французскай мовы "валанцёр" – гэта чалавек-добраахвотнік. Чалавек, які мае звычку клапаціцца аб бліжніх, дапамагаючы ім добраахвотна і не дзеля якой-небудзь выгоды. Але валанцёры атрымліваюць карысныя веды, новыя знаёмствы, кантактаванне з людзьмі розных лёсаў. Ды і гэта яшчэ не ўсё. Галоўнае – валанцёры атрымліваюць адчуванне сваёй карыснасці, і дзякуючы гэтаму яны працуюць абсалютна бясплатна.
Прыпавесць пра хлопчыка і марскую зорку
Чалавек ішоў па беразе і раптам убачыў хлопчыка, які падымаў штосьці з пяску і кідаў у мора. Чалавек падышоў бліжэй і ўбачыў, што хлопчык падымае з пяску марскія зоркі. Яны абкружалі яго з усіх бакоў. Здавалася, на пяску – мільёны марскіх зорак, бераг быў літаральна ўсцелены імі на шмат вёрстаў.
– Навошта ты кідаеш гэтыя марскія зоркі ў ваду? – спытаў чалавек, падыходзячы бліжэй.
– Калі яны застануцца на беразе да заўтрашняй раніцы, калі пачнецца адліў, то загінуць, – адказаў хлопчык, не спыняючы свайго занятку.
– Але ж гэта проста глупства! – закрычаў чалавек. – Азірніся! Тут мільёны марскіх зорак, бераг проста ўсцелены імі. Твае спробы нічога не зменяць!
Хлопчык падняў наступную марскую зорку, на імгненне задумаўся, кінуў яе ў мора і сказаў:
– Не, мае спробы зменяць вельмі шмат… Для гэтай зоркі!